Мы З Вогненнай Вёскi БАРБАРКА · страница 2 из 4
Страница 2 из 4

БАРБАРКА

1 августа 2016, 08:42

Палессе. Брэстчына. На ўсход ад Івацэвіч. Чэрвень 1970 года.

Азёры. Лес, пералескі. Буйная зеляніна лугоў і палёў. То сонца, то цярушлівая хмарнасць, то зноў грымоты і лівень.

Замест вёскі Красніца — проста лес, ужо немалады. I помнічак каля дарогі — па цэлай вёсцы людзей. Замест Тупічыц і Вяды — ні лес, ні поле, ні луг.

Дзе былі Тупічыцы, там стаяць самотныя грушы і ледзь не да жудасці незвычайныя, абгарэлыя дубы, што будуць дажываць свой доўгі век ужо без людзей. Сюды мы, выйшаўшы з лодкі, ад возера дабіраліся па глыбокім пяску, здорава патужэлым пасля многіх сёлета навальніц.

Тое месца, дзе была калісьці вёска Вяды і дзе цяпер пясок, трава і рэшткі дрэў, якія калісьці раслі ў садах і на вуліцы, мы бачылі здалёк, з узгорка, на якім стаіць самотны абеліск са словамі і лічбамі.

Пасля зноў было возера Бабровіцкае. Невыказна ласкавая шэрасць цёплай, амаль зусім спакойнай вады. Навокал — пена пасля нядаўніх баранчыкаў, бела-стракатымі на цёплай шэрасці палоскамі. Мы вярталіся ў імклівай маторцы, над намі тарахцеў верталёт геолагаў, знаёмых старшыні калгаса, які вадзіў нас па гэтых мясцінах.

Там, дзе раней былі Бабровічы, цяпер растуць маладыя бярозы, буяе трава. З-за купіны выскачыў заяц. Пустэча.

У новых, адбудаваных на другім месцы, Бабровічах мы зноў, як і ў іншых паселішчах, як і ўчора і пазаўчора, запісвалі расказы ацалелых.

Высока зверху — над светлым пакоем калгаснай бібліятэкі, дзе мы слухалі людзей, над новай вялікай вёскай, над усім гэтым азёрна-лясным кутком заходняга Палесся — да самых касмічных арбіт жыве, бушуе ў сонцы наша перамога, у свеце наспяваюць новыя небяспекі, ідзе змаганне за тое, каб яны не прыйшлі.

А ўнізе, у глыбінях народнага жыцця, у жыццядайнай прастаце яго крынічаць раны памяці, якія нічым не загоіш...

Вось і яшчэ адна з гэтых народных ран.

Расказвае Барбарка, шасцідзесяцігадовая Барбара Адамаўна Слесарчук. Гаворыць з дзіўнай і сцішнаватай усмешкай — нібыта страшную казку, незвычайна далёкую, перажытую вельмі даўно. Гаворыць часамі амаль што зусім як казачніца — нараспеў, з паўторамі, што не здаюцца лішнімі, і па-мясцоваму — на трох ці на чатырох мовах адразу: беларуска-ўкраінска-руска-польскай.

«...Гэто як нас білі? Білі... Ажно цяжко расказваць...

Хазяіна ўпэрэд забілі. Зажглі ў клуні. Я так перабалела. Чацвёра дзяцей, пятым была бярэменна. Запалілі часоў у пяць, пад вечар. Немец прыйшоў, выгнаў. Адзін мой хлопец пасвіў скаціну, а трое са мною. Мая хата была туды далей, дзе цяпер калгасны двор. Немец прыйшоў, выгнаў. Сабраліся мы ў хату, баб пятнаццаць. Немцы ідуць, абгледзелі. Бабы сядзяць, як бы оўцы, у хаце. Думалі: можа, толькі мужыкоў пабылы, а жанчын не будуць біць. Адна, Астапава маці, кажа:

— Нас жывых запаляць. Не схацеў нас пабыты немец. Жывых папаліць.

А я выйшла з хаты:

— Уцякайма, жанчыны, уцякайма!..

А дзве дзевачкі ў мяне і мальчык. Оны, бабы, не схацелі ўцякаці, а я і пайшла.

Немцы стаялі, кругом сэло цэп'ю абнялі, тут цэп і там цэп, і па сяле хадзілі немцы. Так много. Я выйшла на кусты ў Багацце. Я не думала жыць. Але думала, куб ён не глядзеў, куб нам от так чэрапа паздымала, куб мы сваю смерць відалі.

— Бяжэдм туды, куб мы не бачылі смерці! Дзе куля ў галаву люб у плечы, — кажу, — нам пападзе, то легчэ нам, а то так трудна дажыдаць вот, каб нас білі. От, каб мы відалі сваю смерць...

Ніхто не схацеў, а я ўзяла і сама пабегла. Я пабегла, пачала бегчы з Астапавага двара, нашага суседа. Ад таго суседа пабегла, а ўжо людзей кулямётам сякуць — і з таго канца, і з таго, людзі падаюць, падаюць... Ужэ і ногі мае не пабяжаць, куды ўжэ мне бяжаць — узяла я пад сараем лягла.

Так сарай, і так сарай, і так, а я лягла за калодцэм. Дзяцей панакутвала лебядой, панакутвала, вот і ляжу я, і ляжу... Ажно немцы там ці паліцыянты, толькі вады нап'юцца ды: «А-а-ах!» — скажа. А я ляжу, ляжу, ляжу... Кулі свішчуць, ляцяць. Ну, мяне ўбіла! Слышу — не, ніц не больна. I ляжу, і ляжу...

I вот дзеці мае. Мальчык — два гады было Васілю. Не заплакаў! Маленькі — два гады, тыждзень было на трэці.

— Мамо, — кажа, — уцякаймо, уцякаймо! Нас, мамо, не заб'юць!

— Ох, — кажу я, — сынок, зараз бегчы пакінем, адкінем ногі ў тую старану і ў тую, пакінем белы свет, святая нядзелька. Зара паб'юць, зара.

— Не, мамо, нас не паб'юць!..

Гэта ж два гады!.. О, ён і сёння слесарам у мяне на ГРЭСе работае. Такі чалавек!..

А тая дзевачка, шэсць год, кажа:

— Вот відзіш, мамо, дажэ мальчык гаворыць, што нас не паб'юць. Убэгаймо!

От і пабеглі. Пад сараем ляглі...

От так, цямнець стало. Як огні, лямпы запальваюць. Ляжымо. Немец одного сарая падпаліў. Спічкамы. Опяць одного, бачу я, спічкамы. У сіняй адзежы два немцы стаяць. Ляжу, ляжу, ляжу, ляжу... З дзецьмі ляжу, ляжу, і — маўчаць! Это так от! — абы мне не пагібнуць, ці што? Малы хлопец і не заплакаў! О!..

I так от ляжу! Ажно там гарыць крыша. Згарэла. I немцы стаяць два. Бы стаўбы сінія. I сцены пачалі гарэці. I пачала ўжо зямля гарэці. Гэто каля самай зямлі тое зелле пачало гарэці. А я ўсярэдзіне ляжу. I студава мне пячэ, і студава мне пячэ. Гэто благадара, што, бывала, тчэм сукно з авэчак, зам'ятае. Такэ, было, пальто злажыла. А колі б я ў кофтачцы была — згарэла б. Толькі платка скінула, косы ўсе абсмаліліся. А тут от мне пальто шкварыцца, гарыць, а я яго то пяском, то так. Дзевочка, чатыры гады, вішчы-ыць! — спэклася. А я ўжэ то так, то так. От-от-от погыбаю! От я погыбаю. А воны стояць, немцы. Не хацела, каб забыло мяне ляжачую. От, мусово мйе на немца ўзайці, каб мяне ўжэ гэта ўбіў. Ужэ няма спасення — пэчэ. Хай, думаю, заб'е. Толькі ўстану на немца ісці — о, два стаяць, — дзеці завішчалі, а я — бух, упала. Так і ляжу.

I так от, памаленьку, так от і гляджу: чы воны пайшлы, чы не. Ужэ пачало вот-вот гарэць полымя, і студа, і студа. Сматру гэто — пайшлі, пайшлі немцы! А я яшчэ мінутачку паляжала, думаю, хай дальшэ адойдуць. I я за адзежу ўсіх дзяцей як узяла і дзёрнула далей, у канец агня... У-у-у!..

Ляжым на поплаўцы Астапавым. Ужэ так от трэсло, трэсло сільно нас, о!.. А я ўжэ думала: «На ўсёй дзярэўні адна я асталася». Давай я ўжэ ўзяла за дзеці, то аднэ сюда пасадзіла, два гады, а то, чатыры гады, дзевочку, сюда, а там яшчэ ззадзі ідзе. Пошла, пошла, пошла...

А куды от я?

От, на выганаўскую дарогу цаляю, да Выганішч. Куды мне, думаю, дзеціся? Мая матка з Выганішч. Думаю: там у мяне дзядзька е. Мо возьме мяне? Бо і дабівацімуць нас, ужэ думаю, у нашай дзярэўні. Можа, нада ўжэ нас выбіці. «Партызан!..» Мо зашчыталі ўжэ, што ў саракавом гаду ў калхозе былі. Усё гэта казалі на нас: «Камуніст!..» Можа, нас загэтым дабіваюць. Вот!.. Ужэ ўзяла я, пошла, пошла да Выганішч.

Не зайшла.

Сяду дзе-небудзь на пянёк... Іду, іду... Як упаду — як паляцяць мае дзеці цераз галаву ўсе. «А-ах!» — адно галаву пачэшуць. I не плачуць. От гора пазналі!..»

У расказ жанчыны ўрываецца вельмі нядаўні ўспамін. Сёння ўранні ў Целяханах пачутыя словы. Скупыя, мужчынскія. Гаворыць калгаснік-пенсіянер Андрэй Куратнік:

«...А сын у мяне астаўся. У трупах. Маці мая, калі яе расстралялі, упала на яго, і так трохі закрыла. Ранілі хлопца ў бок. Адсунуўся ён метраў пяцьдзесят ад ямы і заснуў. Назаўтра прыйшлі — яшчэ пяць выстралаў па яме далі. А ён дванаццаць дзён праляжаў у стажочку. Дзевяць гадоў было. Не піўшы, не еўшы. Партызаны знайшлі яго, мне наказалі...»

Цётка Барбара гаворыць далей:

«...Зайшлі мы да Выганішч. Ужэ васкрасенне. Другое васкрасенне настала, той тыдзень ужэ прайшоў. Прыйшла я, а ўжо майго дзядзьку, мае мацеры брата, застрэлілі.

«От, — думаю, — і мая жалаба, от ён мяне і пажалее...»

Дзядзіна кажа:

— У-у-ужэ так табе, можэ, не надо жыці на свеце, ужэ табе самой у агонь надо бегчы. Дзяцей у цябе многа, да ты бярэменна яшчэ — дзе табе проці зімы!

Самі ў лес выязджалі, хаваліся, а мяне не бралі. А я ў той хаце ляжу да ўжэ, як мы, па-старыннаму, памалюся:

«Дай мне, госпадзі, сладкі сон! Ці ўжэ як жывая застануся, ці каб я не слыхала, каб я ўжэ пагібла з гэтымі дзецьмі, заснула ўжэ навек...»

От ужэ партызаны выйшлі адтуль, з Бярэзіны, сільны, сільны одряд. З Вяды быў знаёмы чалавек, пагаварыў са мною, пагаварыў.

— Не бойцеся, — кажа, — не дапусцім немцаў, каб вас пабіці...

Даждаліся мы другога васкрасення.

— От, цётко, — кажу я дзядзінай, — мне сон які сніўся. Плохі, плохі! Я ўжэ, здаецца, у старцах пахадзіла, хлеба насабірала сумочку. Іду, іду, у глазах пачарнела. У тую хату зайду, а пяць хат міну і опяць зайду. Так жалко, што столькі свайго хлеба многа пакінула. Да хазяіна, да скаціну. Лошадзі не было, быкі былі. Тры каровы былі, дзве каровы і цёлка. Да Хаценіч пагналі, на Ганцавічы, у тую старану. Наплакалася я, наглядзелася... От як!

Ну, а дзядзіна мая кажа:

— А мне харашо спалася...

От, чэсна вам гавару, жанчына! Трэсачок тых не дае, зварыць. «Ідзі ў кусты», — кажа. От людзі якія ёсць, Госпадзі! Урэдна была, багата, сільна багата была! Чыгуніка просіш — чыгуніка не дасць.

У Красніцу хадзю ўжэ, мэду нанасіла я, і табе, і сабе. Ужэ думаю: «Хай мяне пчолы... Можа, памру». Яй-богу. Закручуся ў якія латы. А мёду, мёду, мёду, мёду было!.. У вядры нясу, нясу, нясу з Красніцы. Гэта — як яе спалілі. Я ўжо сабе туды прайдуся. Можа, заб'юць. Як не дабівацімуць, то не дабівацімуць. А ўжэ по тры дні кончылася дабіванне. Ужэ я мэду нанасіла і ўжэ сабе кватэру шукаю. Мы ўжэ тыждзень сядзелі там, ужэ яна, дзядзіна, кажа:

— Шукай кватэру. З-за цябе, недабійку, і каб нас не пабіл і немцы...

У Лабановіча кватэру найшла, у Аляксеевай маткі, у беднае жанчыны вынайшла.

Сабе думаю: «Пайду я картошкі, хвасолі прынясу».

Пайшла я сабе за тымі прадуктамі, сабе ў Красніцу. А дзеці тама, у Выганішчах.

Нясу я, да гары даходжу — у-ю-юй! — ужэ Выганішчы гараць! Ужэ гараць Выганішчы, з палімёта строчаць!.. Выганішчы га-а-араць!.. Сільны такі вецер, што чалавека з ног валяе. Яны зайшлі ад Бабровіч, з таго канца, о, ад моста. Ужэ вецер і ко-оціць! Цераз дзесяць хат кідала агонь. Я плачу:

— Ужэ мае дзеці рукі мне апрасталі. Дзе мае дзеці?..

Ужэ пабегла я ў Бярэзіну, куды ўсе людзі пабеглі. Нашла адну жанчыну, кажу:

— Мо мае дзеці відалі?

Гаворыць:

— Відалі. Пабеглі. Гэта Насця на плечы Васіля пасадзіла, панесла ў Бярэзіну. Далёка!..

I я туды. Шукала, шукала, мо ад дванаццаці часоў, знайшла — ужо сонца заходзіла. Знайшла я. I сваіх, і Бартановых дзяцей знайшла, пяць штук. Ужэ знайшла, сарай згарэў — картошкі напякла, накарміла іх, тыя чужыя і свае...

I вот я думаю: «Куды мне дзеціся?..»

Пайшла ў балота. Сяджу. Ужо знайшла спічкі, надрала палосся, лапці плесці. I сяджу я там, у Надлеві, ад Выганішч кіламетраў тры, ад Бабровіч — чатыры. Я ўжэ знайшла, дзе з мужам касіла, дзе нашы пакосы. Ужэ не магу, так мне абідно... Ужэ, думаю, пайду пад чужыя стажкі, бо вельмі мне жаль... Дзе касілі, дзе граблі з мужам сена...

Пайшла пад чужыя стажкі. Сяджу.

Ужэ давай картошку чысціць... А тут — зара немцы бягуць!.. Людзі гукаюць, гукаюць на балоце.

Думаю: «Чаго-то яны гукаюць? Гэта так, можа. Можа, маці дзеці пагубіла, можа, дзеці маці загубілі ды шукаюць?..»

У-ух!.. Ажно вылятаюць да мяне два паліцыянты. Выскачылі з-за куста, за мяне — цап! Ужэ мяне ўзялі. Да ўжэ майго хлопца, восем гадоў:

— Сынок, дзе твой бацька?

— Няма, забілі бацька майго. Ужэ забілі немцы Рамана майго.

— Паночак, я сама з голаду, з холаду загіну, адно вы мяне не беце. Я не хачу, каб вы мяне білі. Хай я сама прападу з дзецьмі...

Ён кажа:

— Дзе больш людзі?

— Пабеглі на лес.

— Ідзі на воз! А самі пайшлі.

Каб я пайшла на той воз, да таго бабровіцкага паліцая, што ўсіх дабіваў, што паказваў, дзе хто захаваўся, — ён застрэліў бы мяне, убіў бы. Сільно бабровіцкіх людзей ён выбіваў. Я-то не папала да яго. Яны пайшлі за кусты, а я тожа за кусты. Вы мяне не бачыце, а я вас! I я ў такі цё-ёмны пабегла луг — такі луг, што чарот там, папаратнік, усяго там. Я туды пабегла і ляжу там. Ляжу ўжэ. Яны ўсіх людзей вызбіралі, ужо ціха стала...

Толькі партызаны беглі. Беглі партызаны, маім дзецям мяса варанага далі. Наеліся мае дзеці — вады!.. Ужэ гэты, што два гады:

— Вады, вады, вады, вады!..

А вада павысыхала, мо на метар, нідзе няма напіцца. Цямнее. Ужэ гэты мальчык, што восем лет.

— Вазьмі, — кажу, — мачы свае ў чыгунчык.

Напаілі.

— Не, — кажа, — мамо, не ўкусная вада. Ідзі, шукай смачнае вады! Ідзі!..

Няма нідзе вады. Плакаў той, плакаў... Лягла я. I спічкі е, агню наклаў бы. Ой!.. Ды вады плача. Я вот чэсна гавару вам. Выкапала такую ямачку, выкапала во. «Як на сырой зямлі чалавек паляжыць, — думаю, — то ўмрэ». Выдрала мох, выдрала. Бо малыя. «Як жа я вас накармлю, як адзену?..» От, я ямачку выкапала ў балоце, да самай тарфы, усе мы на яе і паклаліся. Вот ужэ забалеюць, васпаленіе возьме, ужэ яго і не будзе на свеце, хоч адно мне рукі асвабодзіць...

I от жыве! Дажэ ні чуць-чуць не забалеў!

I выйшла я апяць з таго балота.

— Хадзем, — кажу, — дзеці, у Целяханы, хай нас дабіваюць.

Дзеці не схацелі.

— Куды хочаш, мамо, нас у свет вядзі, адно не хадзем да тых немцаў і да паліцаяў!..

У Вялікай Гаці кватэру нашла. Сталі паліці Гаць... Гэто ўжэ я тады ў парцізанах была. Сядзела, сядзела, сядзела, траву сушыла, дзетак травой ахутвала. Здароўе пацярала, раўматызм дастала. От як!..

Дзеці пагадавала, пагадавала. Пайшлі па гасударскай рабоце ўсюды. Дзеці па свеце, а я сабе... Вот, спасіба, пенсію даюць ужэ. Оўцы даглядала, тысячы авэчок нагадавала, дзесяць лет на ферме стаяла. Дзеці работалі.

От, усё сваё страданіе пераказала. Можа, я і залішне што сказала? Я няграматная. Ізвініця».